У аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна 24 красавіка правядуць старажытны абрад «Стрылка». Гэты вясновы абрад унесены ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У Бездзежы яго праводзяць у першы дзень праваслаўнага Вялікадня.
«Стрылка» уяўляе сабой пяці-, дзесяціхвілінны карагод ля царквы Святой Тройцы. Удзельнікі бяруцца за рукі, спяваюць песні, але ходзяць не па крузе, а стралой. Незвычайны карагод нагадвае па форме трохвугольнік-наканечнік стралы. Толькі пасля гэтага карагоднага руху з усходу на захад пачынаюцца веснавыя палявыя работы і гулянні пасля Вялікага Посту.