Як паведамляе Twitter–акаўнт аўкцыённага дома Sotheby’s, аўтапартрэт мексіканскай мастачкі Фрыды Кала «Дыега і я» пайшоў з малатка за 34,8 мільёна долараў. Таргі адбыліся ў Нью-Ёрку, а набыў карціну калекцыянер, які займаецца падтрымкай і прасоўваннем лацінаамерыканскага мастацтва і мастакоў.
Першымі пакупнікамі карціны былі сябры мастачкі — амерыканская фатографка з расійскімі каранямі Флорэнс Аркін і яе муж Сэм Уільямс. На адваротным баку партрэта Кала пакінула для іх подпіс: “Для Флорэнс і Сэма ад Фрыды з любоўю”.
Як адзначаюць інтэрнэт-крыніцы, да мінулых таргоў палатно знаходзілася ў прыватнай калекцыі, у розныя гады твор падарожнічаў па выставах работ Кала ў Мадрыдзе, Франкфурце, Даласе і Мехіка.