Францыя лічыць спыненне агню на Украіне асноўнай умовай для правядзення паўнавартасных перамоваў аб яе нейтралітэце. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік урада Францыі Габрыэль Аталь на брыфінгу ў сераду, паведамляе ТАСС.
“Пазіцыя Францыі ў тым, што сапраўдныя перамовы могуць весціся толькі пры ўмове спынення агню”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, цяперашнія перагаворы патрэбны перш за ўсё для ўзгаднення ўмоў перамір’я. І толькі пасля гэтага павінны пачацца “сапраўдныя перамовы” аб статусе Украіны.
Раней памочнік прэзідэнта Расіі Уладзімір Мядзінскі паведаміў, што Кіеў на перагаворах прапануе стварыць на Украіне “аўстрыйскі або шведскі варыянт нейтральнай дэмілітарызаванай дзяржавы”. Ён таксама абверг сцвярджэнні, што пункт аб дэнацыфікацыі Украіны быў выключаны з парадку дня, і заявіў, што мэты Расіі не змяніліся. Мядзінскі дадаў, што Масква дабіваецца доўгатэрміновага пагаднення – “дамоўленасці на пакаленні”.