Як паведамляюць інфармагенцтвы, не менш як 27 мігрантаў загінулі ў сераду, спрабуючы пераплысці праліў Ла-Манш і трапіць з Францыі ў Вялікабрытанію. Рыбакі натрапілі на месца няшчаснага выпадку ў раёне гарадоў Кале і Дзюнкерк. Крушэнне лодкі мігрантаў магло адбыцца ў выніку сутыкнення з кантэйнеравозам. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацверджана.
Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) заявіла, што гэта самая буйная такая трагедыя ў праліве з 2014 года. Бі-бі-сі зазначае, што брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан паабяцаў знішчыць бізнэс кантрабандыстаў, якія займаюцца нелегальнай перавозкай людзей. А французскія ўлады заявілі, што з пачатку года па падазрэнні ў датычнасці да перавозкі мігрантаў было арыштавана больш за паўтары тысячы чалавек.