Польшча адмовіла Беларусі ў выдачы Сцяпана Пуцілы, а Літва адмовіла ў выдачы Святланы Ціханоўскай, заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гора, перадае БЕЛТА.
«Яшчэ ў лістападзе 2020 года ў Рэспубліку Польшча накіравана просьба аб выдачы Пуцілы для ажыццяўлення крымінальнага пераследу за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці, арганізацыю масавых беспарадкаў і іншыя злачынствы. Афіцыйна адмова на нашу просьбу прыйшла толькі ў лютым 2022 года. З фармулёўкай – аказанне прававой дапамогі можа прычыніць шкоду суверэнітэту і бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян або супярэчыць асноўным прынцыпам дзеючага заканадаўства. Літоўскай Рэспублікай адмоўлена ў выдачы Ціханоўскай, якая абвінавачваецца таксама ва ўчыненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады», – адзначыў Зміцер Гора.