Каля 80 мігрантаў, якія знаходзяцца ў Літве, маюць намер у бліжэйшы час добраахвотна вярнуцца ў краіны паходжання, паведамляе “Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на МУС краіны.
«Каля 80 чалавек будуць добраахвотна вернутыя на наступным тыдні», – сказаў у сераду на паседжанні камітэта сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус.
Па даных міністэрства ўнутраных спраў, усяго больш за 200 іншаземцаў, якія прыбылі ў Літву незаконна, добраахвотна пакінулі краіну, 54 былі вернутыя прымусова. Сёлета ў Літву нелегальна ўехала больш за 4 тысячы мігрантаў. Агенцтва зазначае, што Польшча, Літва і Латвія ў апошнія месяцы фіксуюць узмоцнены паток нелегалаў, якія спрабуюць праз Беларусь трапіць на тэрыторыю ЕС.