Каталікі сёння адзначаюць Свята Аб’яўлення Пана або Тры Каралі. Традыцыя свята адсылае да біблейскіх падзей, калі да нованароджанага Езуса прыйшлі пакланіцца вешчуны з усходу.
Ужо ў XV-XVI стагоддзях у гэты дзень у касцёлах асвячалі золата і кадзіла, а ў XVIII стагоддзі дадаўся звычай асвячэння крэйды, якой сёння прынята пісаць на дзвярах уласных дамоў “K+M+B+бягучы год”.
Лічыцца, што гэта першыя літары імёнаў тых самых вешчуноў: Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Аднак пацвярджэнне гэтаму факту не знойдзена. У сярэднявеччы гэта разумелася інакш. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар на лацінскай мове пісалася праз С) выказваў благаславенне: «Хай дабраславіць Хрыстос гэты дом» (“Christus mansionem benedicat”).
У памяць аб Аб’яўленні Хрыста і пакланенні трох каралёў у гэты дзень кожны католік абавязаны наведаць богаслужэнне. Свята Трох Каралёў таксама называецца шчодрым днём, а вечар напярэдадні свята – шчодрым вечарам, калі прынята рабіць дзецям і сваякам падарункі і раздаваць пірагі.