Краіны Захаду разглядаюць ідэю даць расійскім бізнесменам магчымасць “адкупіцца” ад санкцый у абмен на тое, што іх сродкі будуць накіраваны на аднаўленне Украіны. Пра гэта піша РБК са спасылкай на агенцтва Associated Press (АР) (яно – у сваю чаргу – спасылаецца на свае крыніцы).
Па даных агенцтва, з падобнай ініцыятывай выступіла намеснік прэм’ер-міністра і міністр фінансаў Канады Хрысця Фрыланд на сустрэчы прадстаўнікоў краін-членаў “Вялікай сямёркі” на мінулым тыдні. Па словах суразмоўцаў агенцтва, Фрыланд узняла гэтае пытанне пасля таго, як абмеркавала з «расійскімі алігархамі».
Крыніца агенцтва падкрэсліла, што пакуль размова ідзе толькі пра ідэю, ніякіх рашэнняў не прынята.