Як паведамляе БЕЛТА, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапануе абмеркаваць праект пастановы, якім пералік забароненага ў грамадскім харчаванні аднаразовага пластыкавага посуду выкладаецца ў новай рэдакцыі. Грамадскае абмеркаванне праходзіць на Прававым форуме Беларусі. Міністэрства прапануе выключыць з пераліку шклянкі аб’ёмам 300 мл і больш, трубачкі (саломінкі) для напояў, а таксама кантэйнеры, латкі, ланч-боксы, коррексы, банкі і бутэлькі.
«Праект пастановы распрацаваны ў мэтах недапушчэння пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў сферы грамадскага харчавання, а таксама з мэтай зніжэння рызык, якія можа пацягнуць ўвядзенне поўнай забароны на выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду», – гаворыцца ў абгрунтаванні. Як растлумачылі ў міністэрстве, рызыкі звязаны з адсутнасцю асобных відаў альтэрнатыўнага посуду з экалагічна бяспечных матэрыялаў, у тым ліку прызначанага для спакоўвання прадукцыі ў газамадзіфіцыраваным асяроддзі і пад вакуумам. Акрамя таго, для грамадскага харчавання важна захаванне якасці упакаванай прадукцыі, таму ўласцівасці ўпакоўкі маюць асаблівае значэнне.