Нацыянальны банк у 2022 годзе выпусціць у абарачэнне 21 найменне памятных манет. Гэта прадугледжана пастановай праўлення Нацбанка ад 19 лістапада 2021 года №346, паведамляе сайт Нацбанка.
«Стала ўжо традыцыяй выпускаць памятныя манеты, прысвечаныя птушцы года, якую вызначае грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У 2022 годзе такой птушкай выбрана белая сініца. Манета “Белая сініца” стане 16-й у рамках серыі памятных манет “Птушка года”. Выпуск памятных манет на прыродаахоўную тэматыку будзе таксама працягвацца выпускам памятных манет, прысвечаных заказніку “Свіцязянскі” ў рамках серыі “Заказнікі Беларусі”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Таксама выпуск памятных манет будзе прысвечаны юбілейным датам: 150-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага. Іншыя падрабязнасці маючага адбыцца выпуску манет і іх тэматык – на сайце Нацыянальнага банка.