Мінэнерга Беларусі паведаміла аб адключэнні першага энергаблока БелАЭС ад сеткі энергазабеспячэння ў сувязі са спрацоўваннем сістэмы аўтаматычнай аховы.
“17 лістапада ў 10.33 першы энергаблок БелАЭС адключаны ад сеткі дзеяннем аўтаматыкі”, – прыводзіць агенцтва “Інтэрфакс” вытрымку з паведамлення Мінэнерга.
Спецыялістамі праводзіцца дыягностыка і аналіз работы тэхналагічных сістэм. “Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назірання ў норме”, – адзначаецца ў паведамленні.
Агенцтва зазначае, што адключэнне энергаблока ў сувязі са спрацоўваннем аўтаматыкі з’яўляецца другім за апошнія некалькі месяцаў. У стандартным рэжыме першы энергаблок прапрацаваў крыху больш за месяц.