Службы бяспекі Францыі заявілі аб прадухіленні тэракту, які двое мужчын хацелі здзейсніць падчас калядных святаў, паведамляе «Інтэрфакс-Захад» са спасылкай на французскія СМІ.
Праваахоўнікі затрымалі падазраваных яшчэ 29 лістапада, аднак журналістам стала пра гэта вядома толькі зараз. Як паведамляецца, затрыманыя планавалі здзейсніць напад з выкарыстаннем нажа на мінакоў. Сярод месцаў, дзе яны збіраліся ажыццявіць тэракт, – гандлёвыя цэнтры, універсітэты, цэнтральныя вуліцы гарадоў.
Адзначаецца, што адзін з затрыманых прызнаў, што сапраўды планаваў такія атакі. Акрамя таго, паводле інфармацыі СМІ, дома ў затрыманых падчас ператрусаў знайшлі кнігі аб радыкальным ісламе.