У выхадныя ДАІ ўзмоцніць кантроль на дарогах краіны, паведамляе БЕЛТАса спасылкай на галоўнае ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС.
«З 8 па 11 красавіка тэрытарыяльныя падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі правядуць маштабную адпрацоўку аварыйна небяспечных участкаў аўтадарогі М3 Мінск-Віцебск і прылеглых тэрыторый, каб спыніць грубыя парушэнні ПДР кіроўцамі і пешаходамі. Да рэйдавых мерапрыемстваў у Мінскай і Віцебскай абласцях падключацца экіпажы спецыяльнага падраздзялення ДПС “Страла”, – расказалі ў МУС.
Нарады ДПС будуць узмоцнена кантраляваць выкананне хуткасных рэжымаў, правіл абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху, перавозкі пасажыраў, праезду пешаходных пераходаў і скрыжаванняў. Павышаная ўвага будзе нададзена своечасоваму выяўленню нецвярозых вадзіцеляў і бяспраўнікаў. Супрацоўнікі ДАІ прымуць дадатковыя меры, каб гарантаваць дарожную бяспеку ў месцах правядзення рэлігійных мерапрыемстваў з нагоды Вербнай нядзелі ў каталікоў.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў і пешаходаў да гранічнай увагі падчас моцных ападкаў.