Наш двор – цэлы Сусвет! Калі зірнуць нібы прамытым вокам. Нібы раней ніколі тут і не быў. Нас тут чакаюць сапраўдныя адкрыцці. Не верыце? Зараз упэўніцеся!
Знаёмцеся, купалка. Толькі ў Беларусі гэтую кветку так паэтычна завуць. Чаму? З-за адной цікавай народнай традыцыі. У Купальскую ноч букет іх – з яшчэ закрытымі бутонамі – месцілі за абразамі. І калі купалкі неўзабаве распускаліся, значыла, што дачка хутка пабярэцца шлюбам. Таму, дзяўчаты, майце на ўвазе!