Сёння шлях наш ляжыць на 100 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад беларускай сталіцы – у надзвычай маляўнічае месца, дзе рака Свіслач упадае ў Бярэзіну і нясе свае воды далей – аж да Чорнага мора. Менавіта на гэтым месцы ўтульна размясціўся невялікі гарадскі пасёлак Свіслач, які, дарэчы, уваходзіць у шэраг самых старажытных беларускіх населеных пунктаў, а шмат стагоддзяў таму нават быў цэнтрам хай сабе і не самага вялікага, але княства. Мы прыгадаем самыя яскравыя старонкі з яе гісторыі, паглядзім на старое свіслацкае замчышча, якое дагэтуль узвышаецца над наваколлем, а таксама паглядзім на рэшткі маёнтка шляхецкага рода Незабытоўскіх, які дагэтуль некаторыя прымаюць за руіны колішняга Свіслацкага замка. Хаця на справе гэта, канешне ж, не так. Пра ўсё гэта ды не толькі ў бліжэйшыя некалькі хвілін. Заставайцеся разам з намі!!!